ДА́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1864, аўстра-пруска-дацкая вайна,
вайна Прусіі ў саюзе з Аўстрыяй супраць Даніі за валоданне герцагствам Шлезвіг. Ініцыіравана прускім прэм’ер-міністрам О.Бісмаркам пасля таго, як Данія ў ліст. 1863 пашырыла сваю канстытуцыю на пераважна нямецкамоўны Шлезвіг, што парушала яго аўтаномны статус. У снеж. 1863 прускія, аўстр., а таксама саксонскія і гановерскія войскі занялі найбліжэйшыя да Шлезвіга герцагствы Гольштэйн і Лаўэнбург, якія ўваходзілі ў Герм. саюз. Данія не прыняла пруска-аўстр. ультыматум ад 16.1.1864 аб скасаванні сваёй канстытуцыі ў Шлезвігу. 1.2.1864 каля 60 тыс. пруска-аўстр. вайскоўцаў пад камандаваннем прускага ген.-фельдмаршала Ф.Урангеля атакавалі гал. сілы 38-тысячнай дацкай арміі ген.-лейт. К. дэ Меца ў раёне Даневірке на Пд ад г. Шлезвіг. У ходзе баёў у лют.—крас. дацкія войскі адступілі ў глыб п-ва Ютландыя. 29 чэрв. пруска-аўстр. часці (з мая камандуючы прынц Фрыдрых Карл) аднавілі наступленне і да 14 ліп. акупіравалі ўсю Ютландыю. 30 кастр. ў Вене падпісаны мірны дагавор, паводле якога Данія адмовілася ад прэтэнзій на Шлезвіг і ён стаў сумесным уладаннем Прусіі і Аўстрыі.
т. 6, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)